Пры падтрымцы прафкама пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Беларускай АЭС ужо шмат гадоў праводзяцца круглагодныя спартакіяды сярод структурных падраздзяленняў прадпрыемства. Зразумела, адыходзячы год унёс свае карэктывы ў спартыўны каляндар. Але спартакіяда ўсё ж адбылася! Хоць і ў скарочаным варыянце, і з захаваннем неабходных прафілактычных мерапрыемстваў.
У чацвер 24 снежня 2020 года ў актавай зале прадпрыемства былі падведзены вынікі спартакіяды, якая была прысвечана Дню энергетыка, а таксама ўручаны кубкі, медалі і граматы пераможцам і прызёрам спаборніцтваў. А яшчэ - сертыфікаты на набыццё спартыўнага інвентара.
Спаборніцтвы праводзіліся па 7 відах спорту: баскетболе, валейболе, футболе, дартсе, гіравым спорце, більярдзе і стральбе. Пераможцы і прызёры былі вызначаны, у асобных катэгорыях сярод мужчын і жанчын. За выключэннем футбола, гіравога спорту і більярда, у якіх спаборнічалі толькі мужчыны.
У агульнакамандным заліку з вялікай перавагай перамагла аб'яднаная каманда вучэбна-трэніровачнага цэнтра і цэха сувязі. Другое месца заняла каманда электрычнага цэха, а кубак за трэцяе месца атрымала таксама аб'яднаная каманда службаў галоўнага інжынера атамнай электрастанцыі.