Генеральны дырэктар Беларускай АЭС Сяргей Алегавіч Бабовіч выступіў з уступным словам, выказаўшы ўсім шчырую падзяку за ўдзел і праведзеную работу ў частцы развіцця навукова-тэхнічнага суправаджэння атамнай галіны краіны.
У ходзе рабочай сустрэчы намеснік генеральнага дырэктара па якасці Ерын Аляксандр Аляксеевіч выступіў з дакладам, які ўключае пытанні і існуючыя выклікі для далейшага ўдасканалення навукова-тэхнічнага суправаджэння эксплуатацыі Беларускай АЭС. Таксама абмеркаваны прапановы па іх вырашэнні і перспектыўныя напрамкі дзейнасці. Аляксандр Аляксеевіч адзначыў неабходнасць пастаяннага навуковага маніторынгу для падтрымання высокага ўзроўню бяспекі і эфектыўнасці работы энергаблокаў на працягу ўсяго жыццёвага цыкла станцыі.
Цэнтральным пунктам парадку дня стала падпісанне пагадненняў аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з РУП "БЕЛЦЭI" і "Інстытутам цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава" НАН Беларусі. Пагадненні дазваляюць аб'яднаць намаганні бакоў для рэалізацыі праектаў у галіне навукова-тэхнічнага суправаджэння эксплуатацыі Беларускай АЭС, ствараць умовы для навучання, павышэння кваліфікацыі і праходжання стажыроўкі персаналу бакоў, а таксама прымаць сумесны ўдзел у мерапрыемствах, якія спрыяюць павышэнню якасці выканання работ (паслуг).
Падпісанне гэтых пагадненняў з'яўляецца знакавай падзеяй, якая пацвярджае стратэгічную накіраванасць Беларускай АЭС на развіццё партнёрства з вядучымі навуковымі і праектнымі арганізацыямі Беларусі. Узаемадзеянне з партнёрамі гарантуе далейшае павышэнне бяспекі, надзейнасці і эфектыўнасці функцыянавання Беларускай АЭС, спрыяючы ўстойліваму развіццю энергетычнага комплексу краіны.