Надрукаваць гэтую старонку
12.02.2025

Пасяджэнне беларуска-венгерскай экспертнай групы праходзіць на Беларускай АЭС

Крыніца: Аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў

Шостае пасяджэнне беларуска-венгерскай экспертнай групы па супрацоўніцтве ў сферы ядзернай энергетыкі з 11 па 13 лютага праходзіць на Беларускай АЭС.

У пасяджэнні прымаюць удзел начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва, падрыхтоўкі кадраў і інфармацыйнага забеспячэння Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь Вольга Казловіч, начальнік упраўлення эксплуатацыі і рамонту АЭС ДВА "Белэнерга" Юрый Гайдак, генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства "Беларуская АЭС" Сяргей Бабовіч, кіраўнікі i спецыялісты ЗАТ "Пакш-2" і Беларускай АЭС.

Адкрываючы мерапрыемства, генеральны дырэктар Беларускай АЭС Сяргей Бабовіч азнаёміў замежных калег са структурай энергасістэмы краіны, распавёў пра месца і значэнне ў ёй атамнай электрастанцыі.

У першы дзень работы ўдзельнікі нарады абмеркавалі актуальныя пытанні будаўніцтва АЭС. Асаблівая ўвага ў ходзе абмену думкамі была ўдзелена пытанням забеспячэння якасці ў ходзе будаўніча-мантажных работ і эксплуатацыі атамнай электрастанцыі.

Беларускія спецыялісты падзяліліся вопытам у галіне будаўніцтва АЭС, узаемадзеяння з генеральным падрадчыкам і рэгулятарам, ліцэнзійнай дзейнасці, закупкі абсталявання і іншых пытаннях, якія выклікалі цікавасць у венгерскіх спецыялістаў.

У наступныя дні работы экспертнай групы абмеркаванне ключавых пытанняў будаўніцтва АЭС будзе працягнута.

Венгерскія спецыялісты, у суправаджэнні беларускіх калег, пабываюць на вытворчай базе і іншых аб'ектах Беларускай АЭС.

Апошняя змена 12.02.2025

Галерэя малюнкаў