Надрукаваць гэтую старонку
02.10.2026

Вопыт БелАЭС запатрабаваны на атамных ледаколах у Мурманску

Крыніца: Аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў

25 верасня ў Мурманску на базе ФГУП "Атамфлот" завяршылася партнёрская праверка Маскоўскага цэнтра Сусветнай асацыяцыі арганізацый, якія эксплуатуюць атамныя электрастанцыі (САА АЭС-МЦ). У склад міжнароднай каманды ўвайшоў начальнік аддзела падрыхтоўкі аператыўнага персаналу Беларускай АЭС Сяргей Краўцоў.

На працягу двух тыдняў міжнародная каманда, якая аб'яднала 15 экспертаў з Беларусі, Расіі, Балгарыі і Кітая, ацэньвала пытанні бяспекі і якасці эксплуатацыі атамнага ледакольнага флоту. Спецыялісты правялі комплекснае назіранне за паўсядзённай работай персаналу на атамаходах і берагавых аб'ектах, прааналізавалі вытворчую дакументацыю і правялі серыю інтэрв'ю з кіраўніцтвам прадпрыемства. 

"Удзел спецыялістаў БелАЭС у экспертных місіях САА АЭС спрыяе актыўнаму абмену сусветным аперацыйным вопытам і ўмацаванню міжнароднай бяспекі ў сферы выкарыстання атамнай энергіі," - адзначыў Сяргей Краўцоў.

Апошняя змена 02.10.2026