Надрукаваць гэтую старонку
11.11.2022

Намеснік начальніка аддзела Беларускай АЭС пераадолела транскантынентальны марафон у Стамбуле

Крыніца: Аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў

У першую нядзелю лістапада намеснік начальніка планава-эканамічнага аддзела дзяржаўнага прадпрыемства «Беларуская АЭС» Анастасія Новікава прыняла ўдзел у транскантынентальным марафонскім забегу ў Стамбуле.

Стамбульскі марафон - адзіны транскантынентальны забег з Азіі ў Еўропу, які праходзіць па мосце праз праліў Басфор. Бегуны стартуюць у азіяцкай частцы горада і, перасякаючы Басфорскі мост, фінішуюць ужо ў Еўропе.

Сёлета на дыстанцыю выйшлі больш за 60 тысяч бегуноў з усяго свету. У тым ліку, 56 прафесійных спартсменаў.

Анастасія Ігараўна з'яўляецца пастаяннай удзельніцай і пераможцай найбуйнейшых галіновых і рэгіянальных спаборніцтваў. Аднак, прымаць удзел у класічным марафоне ёй не даводзілася. Падрыхтоўка да спаборніцтваў заняла некалькі месяцаў, падчас якой Анастасія Ігараўна прабягала да 220 кіламетраў у месяц. Як вынік - паспяховае пераадоленне марафонскай дыстанцыі 42 кіламетры 195 метраў за 4 гадзіны 25 хвілін 51 секунду.

Віншуем Анастасію Новікаву з паспяховым выступленнем і жадаем новых спартыўных і вытворчых перамог!

Апошняя змена 11.11.2022