Надрукаваць гэтую старонку
13.10.2021

Значэнне БелАЭС абмеркавалі на міжнародным круглым стале ў рамках дзелавой праграмы EnergyExpo' 2021

Крыніца: Аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў

Рухаючыся ў рамках сусветных тэндэнцый, Рэспубліка Беларусь ідзе па шляху развіцця атамнай галіны. Напрацаваны вопыт 12 кастрычніка абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала «Эканамічныя і экалагічныя аспекты ядзернай энергетыкі», які ўвайшоў у дзелавую праграму XXV Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра».

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь і Дзяржкарпарацыя «Расатам».

Як адзначыла мадэратар дыскусіі, намеснік дырэктара Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі Лілія Дулінец, нізкая доля паліўнага складніка ў кошце атамнай генерацыі, парадку 10-15%, дазваляе спажыўцу прагназаваць цэны на ўвесь жыццёвы цыкл, які складае практычна 100 гадоў. «А гэта вельмі важна, як для прамысловага сектара, так і для прыватных спажыўцоў, - удакладніла яна. - Атамныя тэхналогіі - гэта нашмат больш, чым проста электрычнасць. Атамная энергетыка - гэта інфраструктурны драйвер краіны. Гэта тысячы новых высокакваліфікаваных працоўных месцаў, развіццё навукі, ядзерная медыцына, новыя тэхналогіі для сельскай гаспадаркі і многае іншае».

Эксплуатацыя атамнай электрастанцыі немагчыма без стварэння ў краіне комплекснай ядзернай інфраструктуры, якая адказвае патрэбам канкрэтнай ядзернай устаноўкі. Своечасовае стварэнне ядзернай інфраструктуры спрыяе паспяховай і бяспечнай рэалізацыі праекта будаўніцтва Беларускай АЭС на працягу ўсяго жыццёвага цыкла аб'екта (будаўніцтва, увод у эксплуатацыю, эксплуатацыя, вывад з эксплуатацыі). У сваю чаргу, будаўніцтва АЭС з'яўляецца яшчэ адным крокам да скарачэння выкідаў парніковых газаў і разглядаецца як важны экалагічны аспект ядзернай энергетыкі.

«Выкарыстанне атамнай генерацыі адказвае мэтам Рэспублікі Беларусь па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і ўкараненню інавацыйных тэхналогій у прамысловасці, - адзначыла начальнік упраўлення тэхнічнага суправаджэння АЭС ДВА «Белэнерга» Надзея Зданевіч. - Гэта дазволіць зрабіць энергетычную галіну больш экалагічнай. Памяншэнне выкарыстання арганічнага паліва з прычыны ўводу ў эксплуатацыю атамнай электрастанцыі ў Беларусі прывядзе да зніжэння выкідаў парніковых газаў у атмасферу больш, чым на 7 млн. тон у год. А ў цэлым працуючыя сёння па ўсім свеце АЭС штогод прадухіляюць выкід у атмасферу двух мільярдаў тон вуглякіслага газу».

Прыкладам у гэтым плане можа служыць вопыт Венгрыі, дзе атамная электрастанцыя бесперапынна працуе з 1980-х гадоў і выпрацоўвае каля паловы ўсёй вырабленай у Венгрыі электраэнергіі. У 2014 годзе прынята рашэнне аб замене працуючых энергаблокаў ВВЭР-440 двума энергаблокамі расійскага дызайну ВВЭР-1200. На бягучы момант на пляцоўцы ідуць падрыхтоўчыя працы да іх узвядзення. Як адзначыў на круглым стале аналітык па замежных праектах атамных станцый ЗАТ АЭС «Пакш-2» Карой Такач, Венгрыя таксама ўзяла на сябе абавязацельства скараціць выкіды парніковых газаў, якія з'яўляюцца асноўнымі фактарамі глабальнага пацяплення, і павялічыць долю безвугляродных тэхналогій.

Акрамя макраэканамічнага значэння для ўсёй краіны, БелАЭС аказвае істотны станоўчы ўплыў непасрэдна на рэгіён размяшчэння. Праз дзесяцігоддзе, якое прайшло з моманту пачатку будаўніцтва, можна з упэўненасцю казаць, што атамная станцыя стала драйверам развіцця рэгіёна размяшчэння.

Апошняя змена 13.10.2021