Надрукаваць гэтую старонку
10.06.2021

Падпісаны акт прыёмкі ў прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС

Крыніца: Аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў

10 чэрвеня 2021 года прыёмачная камісія пад старшынствам намесніка Прэм'ер-міністра Юрыя Назарава падпісала акт прыёмкі ў эксплуатацыю пускавога комплексу першага энергаблока Беларускай АЭС.

Рашэнне Камісіі грунтуецца на станоўчых заключэннях наглядных органаў і працоўнай камісіі БелАЭС, а таксама на падставе выдадзенай МНС ліцэнзіі на прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока.

Да працы прыёмачнай камісіі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Мінэнерга, МНС, Дзяржстандарту, Мінбудархітэктуры, Мінпрыроды, Міністэрства аховы здароўя, МУС, Гродзенскага аблвыканкама, ДВА «Белэнерга», а таксама прадстаўнікі расійскіх кампаній «АСЭ», «Атамбудэкспарт», «Атамтэхэнерга», шырока прыцягваліся таксама профільныя спецыялісты і навукоўцы.

Этапу прамысловай эксплуатацыі папярэднічаў вялікі аб'ём работ - па праверцы гатоўнасці тэхналагічных сістэм і абсталявання да асваення цеплавой і электрычнай магутнасці, правядзенню неабходных выпрабаванняў, падрыхтоўцы персаналу.

У цяперашні час блок працуе на намінальным узроўні магутнасці рэактарнай устаноўкі. З моманту яго ўключэння ў аб'яднаную энергасістэму выпрацавана амаль 3 млрд. кВтг электраэнергіі.

Апошняя змена 10.06.2021