Надрукаваць гэтую старонку
07.08.2020

На БелАЭС пачалася загрузка паліва ў рэактар першага энергаблока

Крыніца: Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь

7 жніўня 2020 года на беларускай атамнай электрастанцыі пачалася загрузка ядзернага паліва ў рэактар першага энергаблока.

У 11.45 у актыўную зону рэактара загружана першая цеплавыдзяляльная зборка са свежым ядзерным палівам. Загрузка паліва працягваецца.

Кожная зборка складаецца з 312 цеплавыдзяляльных элементаў, дыяметр якіх - 9 мм, вышыня - каля 4 метраў. Вага паліва ў адной цеплавыдзяляльнай зборцы — 571 кілаграм.

Усяго ў рэактар будзе загружана 163 цеплавыдзяляльных зборкі з наступным правядзеннем неабходных выпрабаванняў. Энергетычны пуск першага энергаблока з уключэннем у энергасістэму краіны плануецца ў чацвёртым квартале 2020 года.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце «АЭС-2006» паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці. Генеральным падрадчыкам выступае дзяржкарпарацыя «Расатам». Энергаблокі пакалення «3+» маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Станцыя адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі МАГАТЭ. Беларусь выкарыстоўвае інструменты і механізмы супрацоўніцтва, прапанаваныя міжнароднымі арганізацыямі, узаемадзейнічае з Еўракамісіяй у галіне ядзернай энергетыкі.

Увод БелАЭС у эксплуатацыю дасць магчымасць забяспечыць каля траціны ўнутраных патрэбаў краіны ў электраэнергіі, замяшчаць 4,5 млрд м куб прыроднага газу ў год, штогод памяншаць выкіды парніковых газаў больш чым на 7 млн т. Праект адкрые новыя магчымасці для шырокага ўкаранення перадавых тэхналогій у энергетыцы, прамысловасці, навуцы, медыцыне, адукацыі, стане стымулам для развіцця электратранспарту.

Апошняя змена 07.08.2020