Надрукаваць гэтую старонку
19.11.2019

Дзяржатамнагляд выдаў супрацоўнікам БелАЭС дазвол для працы на атамным аб'екце

Крыніца: БелТА

Супрацоўнікам Беларускай АЭС уручаны дазволы на права вядзення работ пры ажыццяўленні дзейнасці па выкарыстанні атамнай энергіі, паведамілі БЕЛТА ў Дэпартаменце па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (Дзяржатамнаглядзе).

Падчас падрыхтоўкі да эксплуатацыі першага энергаблока станцыі індывідуальныя дазволы атрымалі кіраўнікі і адказныя службовыя асобы, дзейнасць якіх мае ключавое значэнне з пункту гледжання забеспячэння бяспекі. Сярод іх начальнік ядзерна-фізічнай лабараторыі станцыі, начальнікі змен, аператыўны персанал.

Раней дазволы былі выдадзены шэрагу іншых службовых асоб, уключаючы генеральнага дырэктара БелАЭС Міхаіла Філімонава.

Каб атрымаць дазвол, кандыдату трэба прайсці ацэнку ведаў у камісіі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, а таксама тэсты і абследаваннi, у тым ліку медыцынскія і псіхафізіялагічныя (на стрэсаўстойлівасць, уменне працаваць у камандзе і гэтак далей), праверку практычных навыкаў.

"Выдача Дзяржатамнаглядам дазволаў з'яўляецца вынікам вялікай працы, якая дазваляе рэгулюючаму органу пераканацца, што кіраванне атамнай электрастанцыяй знаходзіцца ў надзейных руках кампетэнтных спецыялістаў", - падкрэслілі ў МНС.

Апошняя змена 19.11.2019