Надрукаваць гэтую старонку
08.07.2019

Беларусь прапанавала МАГАТЭ праект тэхсупрацоўніцтва па эксплуатацыйнай бяспецы БелАЭС

Крыніца: БелТА

Беларусь прапанавала МАГАТЭ праект тэхнічнага супрацоўніцтва па эксплуатацыйнай бяспецы Беларускай АЭС, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара БелАЭС Валерый Сенюць.

"Беларуская АЭС разам з дэпартаментам па ядзернай энергетыцы Мінэнерга распрацавала канцэпцыю праекта тэхнічнага супрацоўніцтва на 2020-2021 гады - "павышэнне эксплуатацыйнай бяспекі БелАЭС пры ўводзе ў эксплуатацыю і эксплуатацыі АЭС". Гэты праект грунтуецца на патрэбах краіны на цяперашнім этапе рэалізацыі ядзернай энергетычнай праграмы. Беларусь знаходзіцца ў завяршальнай стадыі будаўніцтва АЭС, таму прыярытэтныя задачы - падрыхтоўка эксплуатуючай арганізацыі да ўводу АЭС і далейшая надзейная і бяспечная эксплуатацыя", - адзначыў Валерый Сенюць.

Новы праграмны цыкл тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і МАГАТЭ дапаможа ў развіцці сістэмы падрыхтоўкі персаналу, укараненні інтэграванай сістэмы кіравання, удасканаленні культуры бяспекі.

Ключавыя структуры, якія будуць уцягнутыя ў праект тэхнічнага супрацоўніцтва, - Дэпартамент па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі, дзяржаўнае прадпрыемства "Беларуская АЭС" і ДВА "Белэнерга". Акрамя таго, да праекта падключацца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, інстытуты НАН Беларусі.

Валерый Сенюць нагадаў, што Беларусь прымае актыўны ўдзел у праграме тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ. Узаемадзеянне выбудоўваецца ў адпаведнасці з прыярытэтнымі абласцямі супрацоўніцтва, вызначанымі ў рамачным дакуменце "Структура праграмы тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ для Беларусі". Згодна з гэтым дакументам ключавымі сферамі ўзаемадзеяння Беларусі і МАГАТЭ з'яўляюцца развіццё ядзерна-энергетычнай інфраструктуры для падрыхтоўкі да эксплуатацыі Беларускай АЭС, умацаванне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі і сістэмы гатоўнасці і рэагавання ў выпадку ядзернай або радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі, прымяненне ядзерных тэхналогій у медыцыне, рэабілітацыя рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Апошняя змена 08.07.2019